Фотаконкурс «Маё неперакладчыцкае хобі»

Дарагія калегі!
У нас выдатная навіна!

Рады паведаміць вам, што ў рамках II Беларускага форуму перакладчыкаў, які адбудзецца ў Мінску 29 верасня 2018 года, пройдзе конкурс сярод калег на самае цікавае хобі, не звязанае з перакладам. Прыняць удзел могуць усе жадаючыя (нават калі вы не зарэгіструецеся на наш форум).

Ідэю падала наша калега Таццяна Ігнацьева пасля сустрэчы перакладчыкаў Беларусі 19 мая 2018 года.

Куратары конкурсу – Алена Лойка і Надзея Карабановіч.

Падрабязнасці пра ўмовы і прызы ніжэй.

Аб’яўляем конкурс!
Маё «неперакладчыцкае» хобі
Хтосьці вяжа, хтосьці лепіць з гліны, а хтосьці клеіць мадэлі самалёцікаў для душы, задавальнення і зняцця стрэсу.

Фармат конкурсу
Фотаконкурс!

Умовы і рэкамендацыі (і тут яны ёсць; добра, што не патрабаванні)
– У конкурсе ўдзельнічае адна фатаграфія ад кожнага прэтэндэнта.
– Ваша фатаграфія павінна адпавядаць тэме.
– Ваша фатаграфія не павінна быць звязана з вашай працай (чытай: перакладчыцкай дзейнасцю). Фатаграфія можа адлюстроўваць, чым вы займаецеся ў вольны ад працы ці людзей 🙂 час, можа быць, употай ад блізкіх і калег.
Магчыма, гэта скалалажанне …

… .або мастацкая коўка

– Дадайце да фатаграфіі кароткае апісанне (да 50 слоў), напрыклад, як даўно вы займаецеся гэтым хобі, як да яго прыйшлі. Магчыма, гэтаму віной была цікавая сітуацыя … ці абставіны неадольнай сілы

– Вашы фатаграфіі могуць і павінны быць арыгінальнымі і цікавымі.
Фатаграфія можа прыцягваць увагу асаблівым мастацкім вырашэннем (кампазіцыя, святло, колер або размяшчэнне аб’ектаў або сябе адносна аб’ектаў) і арыгінальнасцю.

Прызы
Тры прызавыя месцы:
I месца: кніга «Даведнік выдаўца і аўтара», Аркадзь Мільчын, Людзміла Чэльцова, 2017 і кубак з эмблемай II Беларускага форуму перакладчыкаў + кніга на беларускай мове (Кэрал Льюіс «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса»)

II месца: кніга «Пішы, скарачай. Як ствараць моцны тэкст», Максім Ільяхаў, Людзміла Сарычэва, 2017, і кубак з эмблемай II Беларускага форуму перакладчыкаў + кніга на беларускай мове (Копер Славамір. «Жанчыны Другой Рэчы Паспалітай» ці Гомрынгер Нора. «(З)начныя даследаванні»)

III месца: кубак з эмблемай II Беларускага форуму перакладчыкаў + кніга на беларускай мове (Холер Франц. «Каменны патоп» ці Кёльмаер М. «Дзяўчынка з напарсткам»)

Калі пераможцы будуць не з Мінску, мы звяжамся з вамі і адправім прызы поштай. Калі пераможца будзе не з Беларусі, зможам замест кнігі на беларускай мове прапанаваць раман беларускага пісьменніка Альгерда Бахарэвіча на рускай мове пад назвай «Белая муха, забойца мужчын».

Тэрміны
Дасылайце вашы фатаграфіі з кароткім апісаннем з паметкай «Конкурс» да 31 жніўня 2018 года ўключна на адрас info@translationforum.by.
З 1 па 27 верасня будзе адкрыта галасаванне за лепшую фатаграфію.

Як вызначаем пераможцу?
Пераможцы будуць ацэньвацца па колькасці лайкаў, сабраных пад фатаграфіяй (па колькасці аддадзеных галасоў).

Мы ўпэўненыя, што ў кожнага з вас, дарагія калегі, ёсць цікавае хобі, дык падзяліцеся ж ім з нашай перакладчыцкай супольнасцю! Жадаем усім поспеху! Чакаем вашы фатаграфіі да 31 жніўня. І не забудзьцеся расказаць калегам пра конкурс і II Беларускі форум перакладчыкаў 🙂

Далучайцеся да нашых груп у сацыяльных сетках:
Падпісвайцеся на навіны аб II Беларускім форуме перакладчыкаў у сацыяльных сетках:

Facebook: https://www.facebook.com/groups/belarusian.translation.forum/
Vkontakte: https://vk.com/club169012599
Instagram: https://www.instagram.com/translationforum.by/
YouTube: https://www.youtube.com/channel/UCtnyv0C8eGPLKtNEvFCiKPg/videos
Twitter: https://twitter.com/ForumBelarus

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.