Вітаем вас, дарагія калегі!
29 верасня 2018 г., напярэдадні Міжнароднага дня перакладу, заснаванага ААН у 2017 г. па ініцыятыве Рэспублікі Беларусь, у бізнес-клубе «Імагуру» ў Мінску з поспехам прайшоў II Беларускі форум перакладчыкаў #tib_forum2018. Мяркуючы па вялікай колькасці водгукаў на самім мерапрыемстве і ў сацыяльных сетках, форум стаў для многіх крыніцай карыснай інфармацыі, творчага натхнення, новых ідэй і добрага настрою. Нашай камандзе вельмі прыемна ўсведамляць, што намаганні не былі марнымі. Мы таксама атрымалі вялікае задавальненне ад таго, што адбывалася. Беларусі не хапала пляцовак для абмену ведамі і вопытам, самаўдасканалення, выпрацоўкі стратэгій вырашэння праблемных сітуацый, і мы вельмі рады, што нашай камандзе атрымалася арганізаваць мерапрыемства такога ўзроўню для перакладчыкаў у Беларусі.
У форуме прынялі ўдзел 140 чалавек з Беларусі (Мінск, Гродна, Магілёў, Віцебск, Наваполацк, Мозыр, Барысаў, Орша, Дзяржынск і Смаргонь), Украіны (Кіеў, Харкаў і Вінніца) і Расіі (Масква, Санкт-Пецярбург, Тула, Уладзімір і Краснаярск).
Мы дзякуем вам за тое, што знайшлі час і магчымасць падтрымаць наша пачынанне, калегі!
Фота з мерапрыемства вы зможаце знайсці тут.
Хочам адзначыць прыязную, цёплую і добразычлівую атмасферу на форуме. Адчувалася, што сабралася шмат аднадумцаў і прафесіяналаў на адной хвалі. За кожным дакладам вынікала шмат пытанняў.
Ролікі аб II Беларускім форуме перакладчыкаў:
Каротка аб дакладах
Вялікі дзякуй дакладчыкам! Вы зрабілі наша мерапрыемства цікавым, карысным і незабыўным. Мяркуючы па водгуках слухачоў, часам выбар паміж дакладамі быў складаным.
Выдатны тэмп форуму задаў Аляксей Казуляеў з дакладам пра тэндэнцыі ў аўдыявізуальным перакладзе і кагнітыўнай рэвалюцыі, якая цяпер адбываецца.
Адэлаіда Кузняцова і Алёна Саўчанка параўналі перавагі і недахопы працы фрылансерам і штатным перакладчыкам у Беларусі, зірнулі на праблемы ў штодзённай працы перакладчыкаў, падзяліліся сваім вопытам барацьбы са стэрэатыпамі ў перакладчыцкай дзейнасці.
Вольга Тарасава распавяла аб статыстыцы, якая дапамагае ёй прытрымлівацца тэрмінаў і разлічваць прымальныя стаўкі. Асаблівую цікавасць выклікала табліца, якую можна ўжываць для самастойнага вядзення аналагічнай статыстыкі.
Ілля Мішчанка пазнаёміў слухачоў з інфармацыяй аб асацыяцыях перакладчыкаў у свеце (міжнародных, нацыянальных, аб'яднаннях па віду паслуг або катэгорыях перакладчыкаў, нефармальных аб'яднаннях), падрабязна спыніўся на расійскім вопыце і даў некалькі рэкамендацый у дачыненні да беларускай супольнасці перакладчыкаў.
Алена Талапіла прысвяціла свой даклад на беларускай мове фінансаваму планаванню для фрылансераў. Яна распавяла, як перастаць баяцца лічыць грошы, як стварыць эфектыўны бюджэт і смела мяняць яго згодна з уласнымі патрэбамі.
Ганна Каламійцава падзялілася сакрэтамі працы з дзвюма замежнымі мовамі — нямецкай і англійскай — і распавяла пра спецыфіку гэтых моў з пункту гледжання падрыхтоўкі да заказаў, перакладчыцкіх навыкаў і маркетынгу.
Уладзімір Бурдзянкоў і Юры Бурдзянкоў — дынастыя перакладчыкаў-сінхраністаў — закранулі дзве тэмы. Уладзімір Бурдзянкоў распавёў аб перакладчыцкіх арганізацыях AIIC, DG SCIC, DG INTE (LINC). Юрый Бурдзянкоў зрабіў акцэнт на ўзаемадапамозе каманды сінхраністаў у кабіне і супаставіў «як трэба» vs. «што маем».
Юлія Цімашэнка і Аляксандр Маркевіч прадставілі сваё бачанне асацыяцыі перакладчыкаў Беларусі ў будучыні і перспектыў стварэння такой арганізацыі. Тэма выклікала бурную дыскусію, якая нават трохі выйшла за межы адведзенага часу. Адчувалася, што над пытаннем асацыяцыі думалі многія, таму варта падумаць над працягам абмеркавання ў рамках сустрэч рабочай групы.
Юлія Малаткова распавяла аб сваім вопыце аўтара комплекснага дапаможніка па вусным і пісьмовым перакладзе з кітайскай мовы.
Дзяніс Шут распавёў аб такім відзе перакладу, як шушатаж, і даў практычныя парады па эфектыўнай практыцы шушатажу.
Андрэй Яшараў падзяліўся спосабамі дыверсіфікацыі працы і распавёў пра шляхі атрымання дадатковых спецыялізацый.
Спонсары
Генеральным спонсарам II Беларускага форуму перакладчыкаў стала агенцтва перакладаў «Нота Бэнэ», якое працуе на рынку перакладаў Беларусі ўжо 17 гадоў.
Спонсарскую падтрымку аказалі таксама перакладчыцкая кампанія Літэрра, садружнасць незалежных перакладчыкаў Interzone, кампаніі «Інтэрлінгва» і Advanced International Translations.
Інфармацыйныя партнёры форуму: платформа для перакладчыкаў ProZ.com і ўкраінская канферэнцыя перакладчыцкай галіны UTIC.
Усе дакладчыкі, удзельнікі і валанцёры атрымалі ў падарунак ад кампаніі AIT коды на праграму для падліку слоў і сімвалаў AnyCount. 4 удзельнікі форуму выйгралі па адной ліцэнзіі на праграму TO3000 Professional. Віншуем!
Кампанія ProZ.com прадставіла ўдзельнікам форуму бясплатны доступ да пяці самых папулярных відэа, прысвечаных персанальнаму брэнду, стварэнню сайта для перакладчыка-фрылансера, састаўленню маркетынгавага плана і іншых тэм. Акрамя таго, удзельнікі атрымалі скідку на членства Plus Package.
Біржа кантактаў
Важным новаўвядзеннем форуму стала біржа кантактаў, якая дапамагла звязаць працадаўцаў з перакладчыкамі і рэдактарамі. Спадзяваемся, што наладжаныя сувязі перарастуць ва ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. На біржы прысутнічалі прадстаўнікі 13 кампаній з Беларусі і Расіі: Нота Бэнэ, Interzone, Інтэрлінгва, Літэрра, Студыя перакладаў, АДМ Кансалт, Technical Translation & Software, НэоТран, Цэнтр легалізацыі перакладаў «Легалізуем.ру», Эффекціфф Груп, Ангіра, Ройд і LINGVA -BY.
Дзякуем усім калегам, якія актыўна цікавіліся стэндам перакладной літаратуры на беларускай мове выдавецтва «Галіяфы» і набылі іх кнігі. Мы вельмі хочам, каб літаратура на беларускай мове стала больш папулярнай.
Мы падвялі вынікі фотаконкурсу «Маё неперакладчыцкае хобі». Пераможцамі сталі Алена Пятрова з Расіі, Юрый Палякоў з Беларусі і Надзея Егурнова з Украіны. Віншуем пераможцаў! Падарункі ўручаны або адпраўленыя па пошце.
Наша каманда
Нагадаем імёны каманды арганізатараў, якія займаліся падрыхтоўкай форуму на валанцёрскіх пачатках: Юлія Цімашэнка (аўтар ідэі і арганізатар), Вольга Будай, Вольга Лойка, Алена Лойка, Надзея Карабановіч, Кацярына Зубчонак, Аляксандр Маркевіч і Ганна Дзюсекава.